Каб мова матчына гучала

Каб гучала мова беларусаў!

Паважаныя бацькi! Дапамажыце нам далучыць дзяцей да роднай, беларускай мовы.
развернуть

 БЕЛАРУСКАЯ МОВА для беларускіх дзяцей з’яўляецца роднай мовай, паколькі менавіта яна адлюстроўвае гісторыю, традыцыі беларускага народа, уводзіць у народную паэзію, народныя вераванні, філасофію, тлумачыць прыроду. Чаму ж мы не размаўляем на роднай мове? Наша тэлебачанне, радыё, часопісы амаль усе на рускай мове. У адзіны момант нам ніхто не падаруе нашу мову. І калі ўсё застанецца на месцы, наша мова памрэ. А калі не будзе мовы, знікне наш народ.

Давайце разам   подумаем, як зацікавіць дзіця, каб яму захацелася гаварыць на роднай мове! 

Пачынаем размаўляць па-беларуску!

 

  • Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:

Дзякуем. Сардэчна дзякую! Я ўдзячны Вам! Дзякуй за дапамогу!

Просім  прабачэння.Прабачце, калі ласка! Не сярдуйце. Даруйце.

Радуемся. Выдатна! Цудоўна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены!

Жадаем. Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя!

  • Кнігі на беларускай мове. У многіх сем’ях існуе традыцыя — увечары перад сном бацькі чытаюць дзецям казкі. Часцей чытайце разам з дзецьмі кнігі на беларускай мове. Завітайце ў бібліятэку, пазнаёмцеся з навінкамі на кніжных паліцах. Цікаўцеся дзіцячай літаратурай на роднай мове! Паспрабуйце заахвоціць дзяцей да чытання вершаў, казак, апавяданняў, змешчаных на старонках дзіцячых часопісаў. Разам абмяркоўвайце выказаныя ў іх думкі, дапамажыце лепш зразумець прачытанае.
  • Народныя забаўлянкі, лічылкі, калыханк - гэтыя маленькія творы мастацтва дапамагаюць адчуваць прыгажосць і непаўторнасць роднай мовы, далучаюць дзяцей да непаўторнага свету паэзіі.
  • У прыказках і прымаўках мала слоў, але ў іх закладзена народная мудрасць. Прапануйце малым некалькі прыказак і разам абмяркуйце іх.

Пры сонейку цёпла, пры мамачцы добра.

Добраму чалавеку жыццё ў радасць, а злому — адно гора.

Не рабі другому, што не люба самому.

У людзей пытай, ды свой розум май.

  • У народных загадках адлюстроўваецца жыццёвы вопыт народа, яны знаёмяць дзіця з мінулым і сучасным, дапамагаюць пазнаваць навакольны свет, развіваць сваю кемлівасць, мысленне, фантазію.
  • На жаль, сучасныя дзеці дрэнна ведаюць беларускія святы. Разам з дзецьмі прачытайце пра провады зімы — Масленіцу, свята прылёту птушак — Саракі, пра пачатак і заканчэнне жніва — Дажынкі і Зажынкі ды іншыя народныя традыцыі.
  • Народныя гульні - гэта не толькі забава. Яны дапамагаюць вырасціць дзяцей здаровымі, сумленнымі людзьмі, якія будуць шанаваць народныя традыцыі і імкнуцца глыбока пазнаць спадчыну сваіх продкаў.

        Сучасныя  дзеці ўспрымаюць беларускую мову як замежную. Таму калі пераходзяць у школу, на наступную ступень навучання, урокі на ёй даюцца ім вельмі цяжка. Вось і атрымліваецца, што, ідучы ў першы клас, хлопчыкі і дзяўчынкі толькі-толькі пачынаюць вучыцца дасканала размаўляць, пісаць і чытаць на роднай мове, што непазбежна вядзе да пагаршэння адзнак.  І калі мы пазнаёмім нашых дзяцей з роднай мовай яшчэ ў дзяцінстве, у школе яны скажуць нам дзякуй.

Дзіця, якое з маленства шануе традыцыі сваіх продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, пранясе такія адносіны праз усё жыццё. І тады новыя пакаленні маленькіх беларусаў будуць размаўляць на роднай мове.

Падрыхтавала: намеснiк загадчыка по асноўнай дзейнасцi I.М.Пашкоўская

свернуть

Вывучаем родную мову!